Наша родная мова

    

     Навучанне роднай мове ў Беларусі ажыццяўляецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі, якую можна характарызаваць як руска-беларускае блізкароднаснае двухмоўе, дзе беларуская мова толькі пачынае займаць месца, якое належыць ёй па праву.

          

       Пэўная колькасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы расце ў рускамоўных сем’ях, змалку вучыцца размаўляць і мысліць на рускай мове. У той жа час менавіта беларуская мова тлумачыць дзецям прыроду нашага краю, знаёміць з характарам акружаючых людзей, з грамадствам, яго гісторыяй, традыцыямі і памкненнямі, уводзіць у народную паэзію, народныя вераванні, філасофію.

   Існуе даволі складанае і супярэчлівае становішча. Унікальнасць яго ў тым, што беларуская мова як другая для гэтых дзяцей з’яўляецца таксама роднай, “мовай душы”. З такога пункту гледжання і трэба падыходзіць да навучання рускамоўных дашкольнікаў беларускай мове.

  Развіццё маўлення дзіцяці магчыма толькі пры ўмове правільнай літаратурна дасканалай мовы яго акружэння. Дзеці спачатку пераймаючы, а потым неўсвядомлена аналізуючы маўленне дарослых, засвойваюць усе тонкасці вымаўлення дарослага, словаўжывання, пабудовы фразы. Вучыць дзяцей трэба на лепшых узорах роднай мовы, і ў гэтым вядучая роля належыць выхавальніку, які пастаянна кантактуе з дзецьмі і ад якога дзеці пераймаюць, засвойваюць культуру маўлення.

  Пад культурай маўлення разумеецца яго правільнасць: адпаведнасць нормам арфаэпіі, лексікі, граматыкі, стылістыкі, устаноўленым для літаратурнай мовы традыцыям, уменне карыстацца моўнымі сродкамі ў розных умовах зносін адпаведна з мэтай і зместам маўлення. Авалоданне культурай маўлення – доўгатэрміновы працэс.

  Якія ж патрабаванні ставяцца да маўлення выхавальніка, каб ен стаў узорам высокай культуры для дзяцей?

  Перш за ўсё маўленне выхавальніка павінна быць змястоўным, несці дзецям новую праўдзівую інформацыю, раскрываць перад імі ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці, што існуюць у навакольным жыцці, даваць ацэнку ўчынкам дзяцей і дарослых.  

 Слоўнік выхавальніка павінен быць багатым і дакладным. Для выказвання сваіх эмацыянальных адносін да дзяцей, іх учынкаў, для складання апавядання, апісання розных прадметаў выхавальнік павінен выкарыстоўваць вялікую колькасць разнастайных слоў, у тым ліку сінонімы, антонімы, словазлучэнні, вобразныя літаратурныя і народныя выразы, фразеалагічныя звароты. Варта часцей ужываць словы, якія больш цяжка засвойваюцца дзецьмі (абазначэнні адценняў, колераў, матэрыялаў, мастацкіх выразаў, абагульняючых слоў і інш.).

  У размове з дзецьмі неабходна памятаць пра іх узроставыя магчымасці. Размаўляючы з малодшымі дзецьмі, выхавальнік ужывае словы з канкрэтным зместам, фразы кароткія і простыя па структуры, тэмп гутаркі – некалькі запаволены, мова эмацыянальная. На пятым – шостым годзе жыцця дзецям становяцца даступнымі прычыны ўзнікнення нескладаных з’яў, якія ў маўленні адлюстроўваюцца з дапамогай складаназлучаных і складаназалежных сказаў. Дакладныя інтанацыі выхавальніка дазваляюць дзіцяці адчуць сябе больш сталым і паказаць гэта ў сваіх учынках і паводзінах.

   Пэўныя патрабаванні ставяцца і да гукавога боку маўлення: чыстае гукавымаўленне, выразная дыкцыя, арфаэпічная правільнасць.

  Выхавальніку неабходна валодаць уменнямі весці дыялог, расказваць, слухаць расказы і адказы іншых. Маўленне яго павінна быць нешматслоўным, але зразумелым і лагічным. У дзейнасці кожнага педагога важнымі з’яўляюцца навыкі публічнага маўлення: уменне выступаць перад калегамі, наладжваць калектыўную гутарку з бацькамі. Узорам для дзяцей і акружэння павінна быць уся манера паводзін выхавальніка ў працэсе маўленчых зносін (поза, жэст, адносіны да суразмоўцаў).

  Задача развіцця маўлення, навучання роднай мове выступае як адна з самых галоўных задач выхавання ў дзіцячым садзе. Авалоданне сродкамі роднай мовы, добрае валоданне ёю забяспечвае эфектыўныя маўленчыя зносіны дзіцяці з дарослымі і аднагодкамі. Без маўленчых зносін з дарослымі, без моўнага акружэння немагчыма паўнацэннае развіццё дзіцяці, бо іменна дарослыя перадаюць яму вопыт, веды, уменні, культуру. Навучыць дзіця карыстацца роднай мовай у жывых, непасрэдных зносінах з людзьмі, развіць іх вуснае маўленне – асноўная задача маўленчага развіцця дашкольніка.

  Гэта агульная задача ў адпаведнасці з асноўнымі кампанентамі мовы і маўлення складаецца са спецыяльных прыватных задач:

  • узбагачэнне, замацаванне і актывізацыя слоўніка;
  • удасканаленне граматычнай правільнасці маўлення;
  • выхаванне гукавой культуры маўлення;
  • фарміраванне гутарковага (дыялагічнага маўлення);
  • развіццё звязнага (маналагічнага) маўлення;
  • выхаванне цікавасці да мастацкага слова;
  • навучанне грамаце.

 Неабходная сістэма работы пры вырашэнні ўсіх задач развіцця маўлення забяспечваецца пераемнасцю ў вырашэнні кожнай з іх пры пераходзе ад адной узроставай групы да другой і сінхранічнай суаднесенасцю розных задач у адной узроставай групе.

Змест работы па развіцці маўлення вызначаецца вучэбнай праграмай . У аснове гэтай работы ляжыць узбагачэнне пачуццёвага вопыту, якое дзіця набывае шляхам азнаямлення са з’явамі навакольнага жыцця. Дзецям паведамляюцца ўпарадкаваныя веды пра даступныя іх разуменню з’явы побыту, прыроды і працы і грамадскага жыцця перш за ўсё нашай рэспублікі.

 Праграмай  прадугледжана і фарміраванне ў дзяцей уласна маўленчых навыкаў і ўменняў (выбар патрэбнага слова з сінанімічнага рада, валоданне элементамі словазмянення і словаўтварэння, развіццё фанематычнага слыху і звязнага маўлення і інш.).

         Асноўныя сродкі рэалізацыі праграмных патрабаванняў – гэта:

  • арганізацыя зносін дзяцей у розных відах дзейнасці (гульнявой, працоўнай, бытавой);
  • маўленне выхавальніка як педагагічны фактар уплыву на маўленне дзяцей;
  • азнаямленне дзяцей з творамі мастацкай літаратуры;
  • выкарыстанне тэхнічных сродкаў;
  • развіццё ў дзяцей умення ўспрымаць розныя віды выяўленчага мастацтва, выказваючы свае думкі.

  Навучанне роднай мове на занятках – планамерны, мэтанакіраваны працэс развіцця пазнавальных здольнасцей дзяцей, засваення імі сістэмы элементарных ведаў аб наваколлі і адпаведнага слоўніка, фарміраванне маўленчых уменняў і навыкаў.

 

   У маленькіх дзяцей, якія толькі прыйшлі ў дашкольную ўстанову з рускамоўнай сям’і, важна спачатку як мага лепш развіць пачуццёвую аснову беларускага маўлення. Рускамоўным дзецям трэба спачатку “ўвайсці” ў беларускую мову, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць, зацікавіцца роднай мовай. Таму найбольш спрыяльным для разумовага і маўленчага развіцця дзяцей гэтага ўзросту з’яўляецца паступовае ўключэнне беларускай мовы ў розныя віды дзіцячай дзейнасці.

 Вядучую ролю адыгрывае знаёмства дзяцей з беларускім фальклорам, а таксама лепшымі класічнымі творамі для маленькіх дзяцей. Фальклорныя і класічныя творы дазваляюць увесці дзіця ў атмасферу жывога беларускага слова.

 Перш за ўсе прадугледжваецца праслухоўванне дзецьмі беларускіх народных калыханак, песенек, забаўлянак, кароткіх вершыкаў, якое суправаджаецца адпаведнымі зместу дзеяннямі (закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытопванне, падскокі і да т.п.), паўтарэннем гукаперайманняў, асобных слоў, выразаў. Расказванне невялікіх па аб’ёму казак трэба суправаджаць інсцэніроўкамі, што аблегчыць дашкалятам іх успрыманне і разуменне, заахвоціць да паўтарэння слоў, выразаў, песенек.

 Маленькія дзеці могуць ужо ўдзельнічаць у простых карагодных гульнях. Гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаць у дзяцей жаданне ўступаць у зносіны, значыць, і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды і заўважаюць, што гульня праводзіцца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.

 Сярод стымулаў праяўлення маўлення дзяцей выключнае значэнне маюць цацкі-жывёлы і лялькі, да якіх малыя адносяцца як да жывых істот. Асабліва значная роля належыць ляльцы.

  Аналагічным чынам для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят мэтазгодна выкарыстоўваць лялек-“беларусаў”, напрыклад, дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны па аднаму або разам “прыходзяць” да дзяцей і цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.

  Маўленчыя сітуацыі, пабудаваныя на натуральнай цікавасці дзяцей да лялек, ствараюць у іх устаноўку на мову субяседніка. Дзеці вучацца прыслухоўвацца да беларускай мовы, успрымаць і разумець яе. Непрыкметна ў іх фарміруецца патрэбнасць мець зносіны на роднай мове. У час гэтых заняткаў неадвольна засвойваецца пэўны слоўнік, спачатку пасіўны, які далей паступова актывізуецца, калі дзеці пачынаюць прымаць удзел у сітуацыйным дыялогу з лялькамі і выхавальнікам. У гэтых дыялогах малыя нявымушана практыкуюцца ў вымаўленні беларускіх слоў, выкарыстанні некаторых граматычных форм. Маўленчыя сітуацыі можна разыгрываць і з удзелам іншых цацак-персанажаў беларускага фальклору: казы-манюкі, катка-залатога лабка і да т.п., якія таксама размаўляюць толькі па-беларуску. 

 Маленькія выхаванцы далучаюцца і да пасільнага ўдзелу ў народных гульнях, святах, якія праводзяцца са старэйшымі дзецьмі. Гэта таксама добры падмурак, на якім развіваецца пачуццё беларускай мовы ў дашкольнікаў.

 Такім чынам, першыя тры гады жыцця – гэта пераважна тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення ў дзяцей з рускамоўных сем’яў.

  Як і раней, вядучую ролю ў далучэнні дзяцей да беларускай мовы,  развіцці беларускага маўлення адыгрывае мастацкая літаратура: слуханне апавяданняў, вершаў, казак, завучванне на памяць, адгадванне і загадванне загадак, тлумачэнне прыказак і прымавак.

 Вялікія магчымасці для замацоўвання і актывізацыі навыкаў беларускага маўлення ствараюць рэжымныя моманты, працоўная дзейнасць дзяцей. У ранішнія часы можна замацаваць слоўнік па тэмах: “Знешні выгляд чалавека”, “Адзенне і абутак”, “Прадметы гігіены” і інш. На прагулцы актывізуецца слоўны запас па тэмах: “Расліны”, “Транспарт”, “Птушкі”, “Поры года” і г.д. У ходзе працоўнай дзейнасці выхавальнік можа пазнаёміць дзяцей з назвамі інструментаў, інвентару, працоўных дзеянняў. Выхавальнік вядзе дыялог з дзецьмі, выкарыстоўваючы ў сваёй мове загадкі, прыказкі, кароткія вершы. Такім чынам наладжваецца развіццё натуральных узаемаадносін на беларускай мове. У падобных штодзённых размовах дзеці прывучаюцца свабодна карыстацца беларускай мовай, спантанна засвойваюць родную мову на “ўзроўні пачуцця”.

свернуть